“Кажуць, што назву нашай вёсцы даў адзін чалавек-асілак, якога звалі Вялута. У надзвычай даўнія часы ўсё гэта адбывалася, але гісторыя і да нас дайшла. Пераказвалі яе людзі, пераказвалі і захавалі для нашчадкаў. Паслухайце і вы.
Аднекуль на Беларусь у той далёкі час прыйшло цэлае племя велетаў, якое паступова рассялілася па ўсёй нашай зямлі. Не такі тады быў народ, як цяпер. Надта многа было асілкаў, то яны нікога не баяліся. Крыкнуць адзін аднаму сваімі магутнымі галасамі, калі самі не спраўляюцца, і дапамога ўмомант прыспее. Тут і канец ворагам. Але найболей кожны асілак сам са сваімі сапернікамі спраўляўся. Справай уласнага гонару гэта ў іх лічылася, ці што. Толькі з ворагамі яны бязлітасна абыходзіліся, а так надзвычай добразычлівымі былі, нікому зла не чынілі, наадварот, дапамагалі ў цяжкія часы і ад голаду, і ад смерці выратавацца.
Жыў у нашым лесе Вялута. Таксама прыйшоў з чужых краёў, а каб не крыўдзіць мясцовых, то не пайшоў да іх у вёску прасіцца, хоць яму, канешне, не адмовілі б. Пасяліўся ў самай глухамані. Расказвалі, што надта ж ён не любіў на полі жыць, да лесу яго цягнула. Жылля там не было, то ён спачатку пабудаваў сабе зямлянку, але куды такому асілку туды лазіць! Таму, памучыўшыся крыху, вырашыў хаціну ўзвесці. Пайшоў па пушчах бёры падыходзячыя сабе шукаць. Пахадзіў, пахадзіў, выглядзеў, дзе стаяць неабходныя яму лясіны. На наступны дзень вырашыў зносіць іх на пляц, дзе меркаваў узвесці будынку. Месца, здавалася, выбраў Вялута для гэтага ўдалае: пагорак сярод лесу ўздымаўся, а ля ягонай падэшвы невялічкая крынічка цякла, побач, крыху ўбаку, свяцілася вялікая паляна.
Стаў дрэвы нарыхтоўваць. То, думаеце, як ён гэта рабіў? Падыдзе да высачэзнага дуба, абыдзе яго кругом, паляпае далонню па шурпатым ствале, абшчаперыць рукамі і вывалача разам з карнямі. Тут жа карэнне паадкручвае, голле паабломвае, пакладзе ствол на плячо і нясе, нібы жэрдку якую. Ды не дзесятак крокаў, а вёрстаў пару, бо побач з будучай сядзібай не жадаў пушчу псаваць. Так за тыдзень і нацягаў на плячах бёрнаў на хаціну. Потым задумаў камянёў на падмурак назбіраць. Але ў нас іх не надта многа ў наваколлі і тады было, таму Вялута дзеля гэтага не адну сотню вёрстаў прайшоў, пакуль не пазнаходзіў. Што нехта апярэдзіць і забярэ — ён не баяўся. Хто мог узняць такую камянюку, калі яна сабою добры стог нагадвае? Пачаў іх збіраць асілак. Ідзе сабе дахаты і паперадзе нагой падбівае камень, які, нібы мячык, коціцца, толькі на пагорках падскоквае. Па тых сцежках потым людзі дарогі добрыя парабілі, бо і лес церабіць не трэба было.
Волат сам хаціну рабіў. Ніхто яму не дапамагаў. Адыдзе ўбок, палюбуецца і далей шчыруе. Збудаваў сабе такі ладны палац, што здалёк відаць стала: высокі, светлы, прасторны, прыгожы. Чаму б не жыць у такой харамаціне.
Пачуе, што дзесьці людзям есці не хапае, ад голаду пухнуць, то звяроў настраляе ды за ноч у іхнюю вёску наносіць. Прачнуцца тыя, ажно бачаць: столькі ежы ляжыць, што год смела жыць можна. На першых часах нават не ведалі, каму дзякаваць. Потым здагадаліся і, азіраючыся ў бок пушчы, нізка кланяючыся, казалі:
— Дзякуй табе, Вялута! Дзякуй, што выручыў з бяды-гора! Ты не думай, мы адпрацуем. Вось толькі свае справы паправім і адпрацуем. Дзякуй, паклон нізкі, волаце, да зямлі самай прымі!
— Ды чаго там, людзі! Кіньце дурное! Жывіце здаровыя і шчаслівыя! Працаваць на сябе я сам буду! — неслася аднекуль здалёку. Здавалася, што гаварыў гром з паднябесся, гэткі моцны голас чалавек-асілак меў.
Вось так і жылі па-суседску. Аднаго разу прыбеглі да Вялутавага палаца сяляне з далёкай вёскі, упалі на калені перад ім, скардзяцца:
— Выратуй нас, добрая душа. Панаехаў пан злы са сваімі слугамі, б’е-забівае, апошняе адбірае, нікога не шкадуе, што толькі хоча, тое і вырабляе, бо на сваю шкуру ўправы не мае. Дапамажы, Вялута. Да канца жыцця маліцца за цябе будзем.
— Дапамагчы можна, — крэкнуў асілак. — Чаму б не дапамагчы, калі такі злыдзень да вас нарваўся. Дараваць такое, вядома ж, нельга. Зробім так. Вы ідзіце сабе дамоў. Ды ў хаціны не лезьце, перачакайце дзе-небудзь у бліжайшым лесе, а я тым часам што-небудзь прыдумаю. Дагнаць вас я ўсё роўна паспею.
— А ці не падманеш ты нас, Вялута? Няма болей нікому за нас, абяздоленых, заступіцца, — у адзін голас засакаталі спалоханыя сяляне. — Як жа мы да сваіх у вёску з’явімся, калі дапамогі не прывядзём?
— Не бойцеся, не падману! Трэба толькі памеркаваць крыху, як усіх тых рабаўнікоў вылавіць, каб не паразбягаліся, ды і іншым замовілі сюды лезці. Не бойцеся, не падвяду. Нікога я ў жыцці не падводзіў, тым болей, калі бедныя, абяздоленыя за дапамогай звярталіся!
— Ну, то мы пабеглі, волаце! — радасна ўсклікнулі вяскоўцы і паджагалі, толькі лаўжы на іхнім шляху затрашчалі.
— Бяжыце, бяжыце, — загуў у адказ Вялута, — пасміхваючыся аднымі вачыма, гледзячы на тое, як шпарка аддаляліся абнадзееныя людзі. — Я таксама зараз рушу, вось толькі вяроўку сваю вазьму.
* * *
Пан, параготваючы, наглядаў за тым, як ягоныя слугі ганяліся за жывёлай вяскоўцаў, валаклі на вазы ўсё, што маглі. Некаторыя ўжо бегалі за жанчынамі ды за дзяўчатамі, хапалі іх у абярэмак і валаклі куды-небудзь у цёмны кут, адкуль потым несліся адчайныя крыкі і плач.
— Так вам і трэба, хлопы! — паціраў задаволены рабаўнік рукі. — А то параспускаліся, бо даўно я тут не быў! Бачыш ты, яны падатак плоцяць — і хопіць! Ды колькі захачу, столькі і забяру! Голымі вас пакіну, каб ведалі, ад каго залежыце, псяюхі!
Вёска спачатку крычала, хоць крыкам сваім неяк супраціўляючыся, потым пачала паступова заціхаць і нарэшце ціхенька, як і ў даўнейшыя часы, заплакала горкімі слязьмі. Толькі і чуваць было, што крыкі рабаўнікоў, якія ніяк не маглі наталіць свае ненажэрныя пашчы.
Пад вечар цяжкагружаны абоз выправіўся ў дарогу. Наперадзе ў хвацкім фаэтоне ехаў сам пан. За ім цягнуліся шматлікія вазы з дабром, пылілі статкі жывёлы, забранай у вяскоўцаў.
Едуць яны сабе, нават і не здагадваюцца пра небяспеку, а яна тут вось — побач. Загуло нешта, засвістала і цяжка грохнула прама перад галавою абоза. Загігікалі ўспуджаныя коні, кінуліся рвацца ў бакі. Ледзьве іх стрымалі. Ажно зноў загуло-затрашчала і ззаду абоза гопнуўся вялізны, нібы хата, камень і загарадзіў сабой дарогу. І тут такое пачалося! Нейкі магутнага целаскладу мужчына хадзіў уздоўж вазоў і лупасіў кулакамі па галовах панскіх паслугачоў. Сам гаспадар абоза бег наперадзе незнаёмца, і той раз-пораз лупіў яго пад азадак сваім здаравенным лапцем. Тады памешчык ляцеў, не дакранаючыся да зямлі, крокаў сто і зноў кідаўся бегчы, каб не загінуць пад вялізнаю нагою.
Усё вярнуў людзям Вялута, нават панскіх коней і вазы пааддаваў вяскоўцам. Дзякавалі, як маглі, яны, а ён толькі пасміхаўся, закручваючы даўжэзны вус.
— Чаго ўжо там дзякаваць! Жывіце, родныя, вольна ды багата! Чаго ў суседстве не бывае!
Вось такі асілак Вялута тут даўным-даўно жыў. Добры надта быў, таму людзі ягонае імя да гэтых часоў з удзячнасцю згадваюць.
Калі памёр волат, то пахавалі яго на той самай гары, дзе палац стаяў. Пазней лясы сышлі і на тым месцы поле стала, людзі жыць пачалі, але памяць пра Вялуту назаўсёды захавалі. Назвалі так сваю вёску.”
Я змясціў гэтую легенду ў кнігу “Велута”, паколькі яна ёсць у кнізе “Брэстчына”, Мінск, 1995 г. пад рэдакцыяй кандыдата філалагічных навук А.М. Ненадаўца. А вам, паважаныя чытачы, даецца права на роздум: што паслужыла штуршком лічыць назву вёскі “Велута”. Я прытрымліваюся больш версіі, што “Лута” — гэта ліпавае лыка, а “Ве” — гэта “тут”.
Подробнее...