Новую старонку ў гісторыі ушацкага краю адкрыў кастрычнік 1917 года. Ва ўзброеным паўстанні ў Петраградзе прымалі ўдзел многія жыхары г. п. Ушачы, сярод якіх: Іван Антонавіч Асташкевіч з вёскі Строкты быў унтэр-афіцэрам крэйсера «Расія», удзельнічаў у штурме Зімняга палаца; Якаў Дзям’янавіч Пугач з вёскі Наваселле працаваў на адным з Петраградскіх заводаў; Аляксандр Несцеравіч Полазаў з вёскі Звонь – чырвонаармеец Выбаргскай стараны; Ілля Апанасавіч Клопаў з вёскі Арэхаўна працаваў на параходным заводзе.
У сярэдзіне лістапада 1917 г. савецкая ўлада была ўстаноўлена ва Ушацкай воласці. Органамі самакіравання сталі павятовыя і валасныя Саветы. Саветы растлумачвалі змест Дэкрэта аб міры, абмяркоўвалі Дэкрэт аб зямлі, выносілі рашэнні аб канфіскацыі памешчыцкай зямлі; былі выбраны зямельныя камітэты. У пачатку студзеня 1918 г. ва Ушачах быў скліканы валасны з’езд Саветаў, на якім сабралася вельмі многа людзей. Усе гэта праходзіла ва ўмовах перамір’я на заходнім фронце. Але ў лютым 1918 г. германскія войскі перайшлі ў наступленне, занялі значную частку Беларусі і Ушаччыну. Разам з нямецкімі захопнікамі вярнуліся збеглыя са сваіх маёнткаў памешчыкі. Быў устаноўлены жорсткі рэжым. Нямецкія акупанты забралі ў насельніцтва Ушацкай воласці коней, кароў, авечак, фуражнае і харчовае зерне, прадукты харчавання і г. д. Але ў сярэдзіне лістапада 1918 года тэрыторыя Ушацкага раёна была поўнасцю ачышчана ад захопнікаў.
Устанаўленне савецкай улады выклікала палітычны і працоўны ўздым насельніцтва. Ствараліся валасныя і павятовыя рэвалюцыйныя камітэты, якія валодалі ўсёй паўнатой улады на месцах; фарміраваліся валасныя ваенныя камісарыяты. Першым валасным ваенкамам ва Ушачах быў Іван Дварцоў з вёскі Угрынкі.
1 сакавіка 1919 г. адбыўся V з’езд Саветаў Лепельскага павета, дэлегатамі ад валасцей былі: Іван Корабаў (Чарсцвяцкая), Кашыцкі (Ушацкая), Яршоў (Усайская), Кулакоў (Гутаўская), Карбоўскі (Кубліцкая).
Акрамя Саветаў, у вёсках ствараліся камітэты беднаты. Яны праводзілі актыўную барацьбу з кулацтвам у вёсках, бралі на ўлік і канфіскоўвалі лішкі збожжа ў кулакоў, вялі барацьбу са спекуляцыяй і самагонаварэннем.
25 верасня 1919 г. Кублічы і Ушачы былі захоплены польскімі інтэрвентамі. На тэрыторыі зноў аднавіўся акупацыйны рэжым. Кіраўнікі мясцовай савецкай улады пайшлі зноў у падполле; або перабраліся на неакупіраваную частку Ушаччыны. Пачалі стварацца партызанскія атрады – Апанаскавіцкі і Чарсцвяцкі. 14 мая 1920 г. часцямі Чырвонай Арміі былі вызвалены мястэчкі Ушачы і Кублічы.
Пасля грамадзянскай вайны мясцовыя ўлады Ушаччыны ўсю ўвагу звярнулі на ўздым сельскай гаспадаркі, расшырэнне пасяўных плошчаў. У снежні 1922 года адбыўся з’езд Саветаў Ушацкай воласці. Старшынёй валвыканкама зноў стаў В. С. Кучаронак. У красавіку 1923 г. праведзена новае адміністрацыйнае дзяленне і ўзбуйненне валасцей. З пяці валасцей – Ушацкай, Кубліцкай, Гутаўскай, Бельскай, Чарсцвяцкай была ўтворана Ушацкая, старшынёй зноў быў абраны Кучаронак В. С.
10 ліпеня 1924 года на сесіі УЦВК была прынята пастанова аб утварэнні Ушацкага раёна, у склад якога ўвайшлі Ушацкая, Бельская, Вялікадолецкая, Гутаўская, Кубліцкая, Чарсцвяцкая воласці. Старшынёй райвыканкама быў абраны Кавалеўскі.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў былых памешчыцкіх маёнтках былі створаны таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі (ТАЗ); ствараліся сельгаставарыствы, саўгасы. У 1925 г. ў раёне было 5 калектыўных гаспадарак. На 1 студзеня 1929 года ў раёне арганізавана 7 калгасаў, у 1933 годзе – 169 калгасаў. У 1931 г. была створана Ушацкая МТС.
З кожным годам развівалася эканоміка калгасаў і саўгасаў; пашыралася сямігадовая адукацыя, адкрываліся новыя бібліятэкі, хаты-чытальні, клубы. Значныя сацыяльна-эканамічныя і культурныя пераўтварэнні змянялі аблічча краю, стваралі ўмовы для далейшага развіцця. Але нападзенне гітлераўскай Германіі на Савецкі Саюз і акупацыя Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі прыпынілі гэты працэс.